ХАБА́РАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
суд над групай ваеннаслужачых яп. арміі, якія абвінавачваліся ў падрыхтоўцы (з 1931) і выкарыстанні бактэрыяльнай зброі, што забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925 (гл. Жэнеўскія пратаколы). Праходзіў у г. Хабараўск 25—30.12.1949. Да суда былі прыцягнуты вышэйшыя чыны яп. Квантунскай арміі (12 чал.). Ваен. трыбунал Прыморскай ваен. акругі ў ходзе адкрытых судовых пасяджэнняў устанавіў, што пры распрацоўцы ваен. планаў яп. кіраўніцтва прадугледжвала масавае знішчэнне войск і насельніцтва СССР і інш. дзяржаў. З гэтай мэтай былі створаны лабараторыі для вытв-сці біял. зброі і каманды для яе выкарыстання — заражэння людзей, жывёлы, пасеваў, вадаёмаў. Бактэрыял. зброя (бактэрыі чумы, сіб. язвы, сапу і інш.) выкарыстоўваліся супраць сав. і манг. войск у час баёў на р. Халхін-Гол у 1939 і ў вайне супраць Кітая (1940—42). У адносінах да ўсіх падсудных абвінавачванне даказана, і яны засуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Літ.:
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
т. 16, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)